РАЗА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 39,6 тыс. км². Нас. 1286 тыс. чал. (2000), гар. 68%. Цэнтр — г. Разань. Найб. гарады: Касімаў, Сасава, Скапін, Ражск.

Паверхня пераважна нізінная. На Пн — Мяшчорская нізіна, на Пд ад р. Ака — Окска-Данская раўніна, на З — адгор’і Сярэднярус. ўзв. (выш. да 236 м). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—550 мм за год. Гал. р. Ака з прытокамі Пра, Гусь (злева), Проня, Пара, Мокша з Цной (справа); на Пд — вытокі р. Варонеж. Шмат азёр, пераважна на Мяшчорскай нізіне (Вялікае, Белае, Чорнае). Новамічурынскае вадасх. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, месцамі забалочаныя, і шэрыя лясныя, на Пд чарназёмныя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя. Пад лесам каля 24% тэр. (хвоя, бяроза і інш.). На тэр. Р.в. — Мяшчорскі нац. парк, Окскі запаведнік.

Гал. галіны прам-сці — электраэнергетыка (37% кошту прамысл. прадукцыі; Разанская ДРЭС, ДРЭС-24), маш.-буд. (вытв-сць металарэзных станкоў, электразварачнага абсталявання, грузавых вагонаў, гідраўлічных прэсаў, бульбаўборачных камбайнаў, сродкаў выліч. тэхнікі, тэлевізараў, гандл. абсталявання, суднарамонту), нафтаперапр., хім. (хім. валокны і ніці), лёгкая (шаўковыя і штапельныя тканіны, швейныя і аўчынна-футравыя вырабы, абутак, дываны, рыбалоўныя сеткі). Развіта каляровая металургія, дрэваапр., харч., паліграф. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. маст. керамікі і шкляных вырабаў (шклаблокі, хрусталь). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Племянная конегадоўля (2 конезаводы). Рыбагадоўля. Пчалярства. Пасяўныя пл. займаюць 1198 тыс. га (1998), у т. л. пад збожжавымі культурамі (ячмень, пшаніца, авёс, проса, жыта) 56,9% пл., кармавымі — 36%, бульбай — 5,7%, цукр. буракамі і агароднінай — 1,4%. Садоўніцтва. Даўж. чыгунак 1034 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,9 тыс. км. Асн. чыгункі Масква—Разань—Пенза і Уладзімір—Разань—Мічурынск. Тэр. вобласці перасякаюць аўтамагістралі Масква—Самара і Масква—Валгаград. Суднаходства па рэках Ака, Мокша, Цна. Кліматычны курорт Салотча.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)